ЦЮБІНГЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА,

1) кірунак у нямецкай пратэстанцкай тэалогіі, які развіваўся ва ун-це г. Цюбінген. Першы перыяд у яе гісторыі (1777—97), звязаны з дзейнасцю К.​Г.​Штора, І.​Ф.​Флата і інш., быў накіраваны супраць рацыяналізму. У 1830 узнікла т.зв. новая Ц.ш. (Ф.​К.​Баўр, Э.​Цэлер, А.​Швеглер і інш.), асн. задача якой заключалася ў выкарыстанні метадаў гіст. навукі для даследавання гісторыі хрысціянства і яго помнікаў. Прадстаўнікі гэтага кірунку ўпершыню зрабілі дэталёвы аналіз асн. стараж. помнікаў хрысц. л-ры, у першую чаргу — Евангелляў, Новага запавету і інш.; яны імкнуліся вызваліць літ. крыніцы ранняга хрысціянства ад шматлікіх скажэнняў, выявілі некат. супярэчнасці паміж Евангеллямі і недакладнасць царк.-кананічнай храналогіі, удакладнілі гіст. даты Евангелляў.

2) Кірунак у нямецкай каталіцкай тэалогіі, які развіваўся ва ун-це г. Цюбінген. Яго прадстаўнікі (І.​А.​Мёлер. І.​Кун, К.​І.​Гефеле і інш.) распрацавалі ідэалогію старакаталіцкай царквы, якая ўтварылася пасля 1-га Ватыканскага сабора (1869—70) і не прызнавала вярх. улады папы рымскага над царквой.

І.​В.​Катмроў.

т. 17, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)